Страница:
106 из 453
Вельмі павольна, каламутна і непрытульна. Значыць, я працаваў цэлую ноч. Нездарма так страшэнна балела галава. Так балела, што цяпер я не здатны быў бы ўспомніць табліцу множання на пяць.
Я ненавіджу лекі, прымаў іх, не лічачы тых разоў, што сур'ёзна хварэў, усяго разоў пяць за жыццё (гэта таксама адзін з маіх дурацкіх комплексаў), але тут я не вытрымаў. Праглынуў таблетку папаверыну, паляжаў хвілін пятнаццаць, і калі боль прытупіўся, толькі тады выкінуў дзве попельніцы недакуркаў, адчыніў усе вокны, умыўся халоднай вадой, узрэзаў пачак цыгарэт, закурыў і стаў думаць, што ж мне рабіць з таямніцай, якая дасталася мне ў рукі.
У гэты момант пачуўся стук у сценку: іх вялікасць Хілінскі, мабыць, жадалі папіць са мною чайку. Таксама з комплексамі. Ці, можа, толькі з'явіліся? Вось і добра, будзе з кім параіцца. Няма мне цяпер, Мар'яне, з кім раіцца. Зусім няма, браце.
Даўшы сабакам есці, я пайшоў да суседа.
Як на такую раннюю гадзіну, то хата была ідэальна прыбраная.
— Не клаліся яшчэ?
— Гм, а чаго б гэта я павінен быў класціся?
— Праца нейкая была?
— Як заўсёды. Ну што, стары, прапусцім па чарчыне ды ў шахмацішкі?
— Каньяк? У такую рань?
— А ты што, хочаш, каб я ў дзве гадзіны ночы пачынаў? І, скажам, з дэнатурату і піва?
— Аднак у дзевяць гадзін… неяк яно… Унь нават амерыканцы лічаць, што раней пяці нязручна. Адзін там нават бізнес зрабіў: выпусціў для бізнесменаў партыю гадзіннікаў, дзе ўсе лічбы — пяцёркі.
|< Пред. 104 105 106 107 108 След. >|