Страница:
108 из 453
Кніга належала Альшанскім, што можна меркаваць па ініцыялах і па супадзенню гістарычных падзей і шыфроўкі…
— Ну, займайся, займайся…
Я быў крыху пакрыўджаны гэтай абыякавасцю.
— А вы хіба не зацікавіліся?
— Ды што ж, хлопец… Не наша гэта кампетэнцыя. Не мая і не Шчукі.
— Як гэта? А калі, сапраўды, Пташынскі не захлынуўся, а забіты, бо нехта баяўся, што ён стаіць на шляху адкрыцця чагосьці?
— А вы ўпэўнены, што ён забіты?
— Так, — пасля паўзы сказаў я.
— Але ж і экспертыза, і следства, і ўсё супраць гэтага.
— Я ўпэўнены, — сказаў я. — Насуперак экспертызе, следству, чорту, насуперак усяму. Нешта ва ўсім гэтым жудаснае. Я прадчуваю гэта. Падсвядома.
— Прадчуваць — ваша асабістая справа, — сказаў Хілінскі. — Вы — асоба прыватная і можаце сабе дазволіць гэтую раскошу. А вось калі пачынае «падсвядома прадчуваць» правасуддзе, юстыцыя, сама дзяржава… тады…
Ён нервова лыкнуў каньяку.
— Тады пачынаецца — бывалі ўжо такія выпадкі — паляванне на ведзьмаў, макарцізм, татуля Дзювалье, ды ці мала яшчэ што. І пасля ўсім даводзіцца доўга, дзесяцігоддзямі плаціць за гэта, разлічвацца. Нават невінаватым. Занадта гэта дорага абыходзіцца, я веру. Цяжка, пакутліва. І ўвогуле, справядліва веру.
Хілінскі дапіў келіх.
— Слухайце, хлопча, не крыўдуйце на мяне, але гэта так. Вы ўражаны смерцю друга, вы не верыце, што ён мог вось так, сам, пайсці ад нас. Вы шукаеце помсты, каб стала крыху лягчэй. Але тут нішто не гаворыць на карысць помсты. Нават званкі, тлумачэнне якім ёсць. Нехта шукаў у кватэры. Нехта ўсыпіў сабак.
|< Пред. 106 107 108 109 110 След. >|