Страница:
127 из 453
Можна было разгледзець толькі агні ў вокнах, цьмяныя мётлы голых яшчэ дрэваў, ды пляму святла ля клуба, ды натоўп ля яго, пераважна з моладзі — вясёлай, бесклапотнай.
— Дзе тут можна начлег знайсці? І каб бліжэй да замка.
— Ай, дзядзечка, — пляснула рукамі нейкае дзяўчо. — То гэта вам Альшанка трэба. Гэта прыгарад. (Яна так і сказала: «прыгарад», і я ледзь не пырснуў са смеху.) І кіламетра не будзе. Унь туды, і ўсё про-оста, про-оста.
Я чартыхнуўся. Памылка. І не першая. Памылкі нават у працах па гісторыі. Чорт бы іх пабраў! Свайго не ведаць. Усё адно як славутая Мала-Мажэйкаўская царква, шэдэўр наш, на самай справе стаіць у вёсцы Мураванае. І невядома, хто першы яе назваў Мала-Мажэйкаўскай. А сотні ёлупаў паўтарылі за ім, не ўдасужыўшыся нават пабываць на месцы. Працаўнікі мастацтвазнаўства, мастакі, гісторыкі, архітэктары. Работнічкі.
Я ўжо зусім быў сабраўся ісці, калі нехта сказаў:
— Пачакайце. Вось загадчык клуба ідзе. Вячорка. Падыходзіў невялічкага расточку чалавек. Валасы нібы прыліпнулі да круглай галавы. Хада нейкая ладненькая, вясёлая.
— Зеляпушчанак… Мікола Чэсевіч.
— Косміч. Антон Глебавіч.
— Дык вы да нас? Хадзем разам.
— Вячорка, да заўтра, — сказаў нехта нам наўздагон.
— Чаго гэта яны так? — спытаў я, калі мы заглыбіліся ў цемру.
— Ат. Гэта яны па-вулічнаму. Паважаюць, а адвыкнуць не могуць. Паважаць, здавалася б, няма за што. Шэсць класаў у мяне асветы. Але ў нас не толькі кіно і танцы, а і лектары, і па два спектаклі ў месяц. Вядома, пад суфлёра.
|< Пред. 125 126 127 128 129 След. >|