Страница:
125 из 453
Тым часам аркестр, відаць па заказу, раўнуў апрацаванае ў сучасным суперджазавым духу папуры з беларускіх песень. І гэта было ўжо занадта. Два смаркачы з кудламі, за суседнім столікам, падпявалі і рыдалі адзін аднаму ў камізэлькі.
Афіцыянтка прыкрыла ружовай далонькай рот, хаваючы пазяханне.
— Гэта што ў вас, заўсёды такая гнюсь? — спытаў я.
— Амаль заўсёды, — сумна сказала яна. — Акрамя позняй ночы і выхадных. У вялікія рэстараны перасталі хадзіць.
— Угм, — сказаў я. — Перасталі. Тут дырэктар і аб'явы дае, і ўсё бегае па ўстановах, і арганізоўвае калектыўныя наведванні: «Напіцеся ў нашым рэстаране». Ніхто не напіваецца.
— Тады дырэктара лаюць, — сказала яна. — Моцна.
Упершыню за апошнія дні я засмяяўся.
…Аўтобус адыходзіў каля сямі. Заставалася нешта з гадзіну да захаду. Поўны аўтобус людзей, якіх так рэдка сустракаеш у Менску. Бурым зімовым загарам загарэлыя твары, хатулі, галава качкі, што тырчыць з кошыка. Я сеў на задняе сядзенне: кідае, але затое вышэй за ўсіх і ўсіх можна аглядаць — і паляцеў насустрач мяккім, ружовым ужо ад нізкага сонца ўзгоркам, у лясы, якія свяціліся добрым светла-аранжавым агнём, і слухаў музыку мовы, і піў, і не мог напіцца.
Божа, такую размову з такой лаянкай можна пачуць ва ўсім свеце — ад Аляскі да Аўстраліі — толькі ў беларускіх аўтобусах і на нашых рынках, асабліва на Магілеўскім, Рагачоўскім, ну і яшчэ крыху на Слуцкім. Можна было калісь і на Камароўцы, але там цяпер саромеюцца цывілізацыі і міліцыянераў.
|< Пред. 123 124 125 126 127 След. >|