Страница:
126 из 453
Кажуць, праўда, нешта пра адэскі «Прывоз», але я бываў там і скажу: не тое, не тое.
Чым яны прыкрашалі сваю мову, гэтага я з павагі да вас не выкажу. Але аўтобус гаманіў і не крыўдаваў ні на кога.
— У яго ў родным доме заўсёды карчма.
— Ну гэта лепей, чым карчма была б яму заўсёды родным домам.
Хлопцы з гарадскімі валізкамі. Апусцілі акно і крычаць дзеду, які выходзіць на вуліцу з глухога, у цямнеючых шатах дрэў, вясковага кветніка:
— Гэй, дзядзька, сядзіце ў хаце, не выходзьце на вуліцу, а то вас тралейбус задавіць.
— Або метро.
— Гы-гы-гы, — і падымаюць акно.
— Ну гэта ты ўжо занадта. Захлусіўся. Нерэальная і таму дурная фантазія. Адкуль у такой Занюханцы метро?
Рагочуць. Едуць дадому, насустрач святу. А я еду насустрач сутонню. І я расчулены, і нават слёзы просяцца на вочы.
— А ты, хлопча, часам не быў у Навінках?
— Не быў.
— Ну то трапіш.
— Разам пойдзем.
І ўмешваецца нейкі зусім сабе інтэлігент:
— А гэта яго лупнулі меднай каструляй па галаве. То ён з таго часу калі-нікалі загаворваецца… на тэму аб медных рудніках на Балхашы.
— А ён, відаць, у Булак-Балаховіча калісьці служыў. Коням хвасты круціў. І таму дасюль баіцца званкоў у дзверы.
Цемра бегла насустрач, падскоквала і ападала наперадзе плахта святла, аўтобус засынаў, а я сядзеў і слаба ўсміхаўся чамусьці.
…Да Альшан, маленечкага мястэчка, я дабраўся гадзін у дзесяць з нечым вечара.
|< Пред. 124 125 126 127 128 След. >|