Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 13 из 453



— Не магу. Кожную ноч чакаю званка.

— Што такое?

— У Юлькі рак.

Юлька — гэта ягоная былая жонка. Вось табе і маеш пірог з бобам. Я маўчаў. Адступілі некуды кепскія думкі аб ёй. Перад гэтым усе роўныя. Мне было сорамна.

— Яна пра гэта яшчэ не ведала, як хацела вярнуцца. Ляжыць цяпер недзе ў Гомлі. Грошы патаемна дасылаю. Медсястра піша аб усім. Звоніць. Кажа: пасля аперацыі лягчэй. А я не веру. Думаю кожную ноч: вось званок. І ўсё здаецца, нібы я пра гэта ведаў і адштурхнуў. Зараз бы вярнуць. Ды не, не даруе.

Бог ты мой, ён яшчэ і слова «дараванне» помніць, святы асёл! І ўвесь напяты, і ўвесь трывожны — чорт бы цябе, сабачага сына, любіў.

— Ну, аб гэтым досыць. Вяртацца ёй да чалавека, які ў шлях выпраўляецца, няма чаго. Ачуняла б толькі, — твар яго раптам стаў рашучы. — І шкадаваць аб тым, што не збылося, не выпадае. Але званка чакаю. А замест яго — кожную ноч — яны. Ведаеш, трывожуся я.

Мілы мой, я гэта з самага пачатку бачу. І тое, што кепска. І тое, што падобны ты на адзіную барокавую скульптуру ў маёй кватэры: на «смуткуючага» над тваёй галавой. Страшныя вочы. І гэты вянок. Як я гэтага не заўважаў?! Заўтра ж выселю яго ў другі пакой.

— І… баюся, Антось. Ты ведаеш, баязліўцам не быў. Разам былі ў рознай калатэчы.

— Ведаю.

— А тут паршыва. Падыходзіць нехта да вокнаў. Сабакі бурчаць, як на нячыстую сілу. Нейкі пах аднойчы ў перадпакоі.

— У міліцыю пазвані.

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]