Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 12 из 453

Як у Варонцы пад руіны кляштара ў сховішча замаскаванае на чэраве лазіў, як ад селядцоў ратаваў кнігі, як мне мой Мікола дастаўся, на якім дровы секлі, як мяне пад Слонімам у крамянёвай шахце заваліла, як я ўсё гэта растаўраваў, пылам дыхаў, ад хімікаліяў кашляў… Дабро, усё гэтае ад смерці ўратаванае, палюбуюся толькі да лета, дый аддам. Апусцее хата… І не сюды аддам, на пыл у запасніку, а ў свой Руцк. Там яны царамі стаяць будуць. Апусцее хата. Ну, ды гэта мне ненадоўга… Цяпер ужо скора. Дужа скора.

— Плюнь.

— Не, братка, ведаю. Цяпер скора.

— Не курыў бы.

— Не магу. Абмяжоўваю сябе, а не магу.

Змяў цыгарэту. Прыгожы ён, калі думае. Не тое што мая варажская храпа. І дурніца ж гэная праклятая баба, ягоная былая жонка. Ах, матыль серабрысты! Ах, сю-сю! Ах, славуты Іванскі з гамерычнымі ляжкамі! Ах, Кафка! Ах, сцэна! А сама ані ў сцэне, ані ў Кафцы ані ў зуб нагою. Як скажа, то з поля вецер, са… дым. Ганарылася б, што хаця адзін чалавек у сям'і разумны. Я б на яе месцы такога ў пантофель цалаваў, як папу рымскага. Ды яна, чуў, і хацела вярнуцца, але не захацеў ён.

— Пасля званок, — сказаў Мар'ян. — Малады інтэлігентны голас (зараз усе інтэлігентныя): «Прадайце». — «Не прадаецца. Гэта майго музея ў Руцку, а не маё». І яшчэ падобны званок, іншым голасам. А пасля ледзь не кожную ноч: «Прадайце, прадайце, прадайце».

— Ты што, не ведаеш, як тэлефонных хуліганаў лавіць?

— Спрабаваў. Званілі з аўтаматаў у розных канцах горада. «Прадайце! Прадайце!»

— Набяры адзінку і пакладзі трубку. Ніякая зараза не дазвоніцца.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]