Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 16 из 453

Дзядзькі нешта прадалі і вырашылі замачыць куплю-продаж. З рыльца. Убачылі яго і пачалі круціць пальцамі каля лоба. І сапраўды, дурань нямочаны: людзі весяліцца збіраюцца, нядзеля, а ён працуе. Алесь пакруціў пальцам у адказ, прынёс і падаў ім у акно шклянку. Тады яны першую налілі яму. Жонка пасля ледзь з глузду не з'ехала: адкуль выпіўшы? У хатніх туфлях не выходзіў, у хаце ані кроплі спіртнога, а ён глядзіць і не дужа разумна ўсміхаецца.

Харошы куток! Шкада, калі рынак куды-небудзь перанясуць. І, галоўнае, у двух кроках ад «вёскі», ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар і шумны вялікі горад. І дома і замужам.

З таго часу як я не хаджу на работу і блытаю дні — крык пеўня ў нядзелю, праз добрае згасанне сну, для мяне, як дадатковы каляндар.

Увосень я абараняю доктарскую. Два месяцы законнага водпуску ды тры нескарыстаных за мінулыя гады. Я дужа рабіў, дужа-дужа многа рабіў, каб вось так, адзін раз, уволю палайдачыць і рабіць тое, што мне хочацца. Кніга выйшла. Амаль да верасня я вольны. Бог мой, ніякіх бібліятэк, ніякіх архіваў, калі толькі сам гэтага не захачу!!!

Я лічу, што кароткі адпачынак — глупства. Не паспееш прыехаць, раскруціць вуды, падыхаць — на табе, збірайся назад. Не варта і пэцкацца.

І вось цяпер я адпачну. Упершыню, можа, за дванаццаць год.

|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]