Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 17 из 453

Добра скінуць з тахты ногі, адчыніць у холад акно, прамерзнуць, зрабіўшы два-тры нядбалыя практыкаванні, памахаць рукамі і нагамі (замяняць сапраўдную працу, ад якой звіняць мускулы, гімнастыкай — лухта зялёная і трызненне сівой кабылы). Добра, калі струмені вады сякуць па плячах і спіне! Добра, калі скура чырванее ад суровага ручніка! Добра, калі трэскаецца аб бок патэльні яйка, і сквірчыць вяндліна, і чарнее кава ў белай-белай філіжанцы!

Добра адчыніць дзверы на пляцоўку свайго трэцяга пад'езда, «пад'езда старых кавалераў».

А, усё адно. Калі абрыдаць, то абрыдаць! Калі апісваць людзей, то апісваць. Бо амаль кожны з нашага пад'езда граў сякую-такую ролю ў нашай гісторыі.

У маім доме пяць паверхаў і чатыры пад'езды. Мой пад'езд трэці. Завуць яго «пад'ездам старых кавалераў» нездарма. Па невыказнай іроніі лёсу ўсе мужыкі ў ім (пра незамужніх дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або… Але гэта сумная гісторыя, і пра яе не трэба ў такую раніцу, калі снег растаў, калі паветра бадзёрае, а неба па-вясенняму нясмела і пранізліва блакітнае.

На кожным паверсе ў нас па дзве кватэры. Пачну, вядома ж, з майго паверха. Ён самы важлівы не толькі ў гэтай аповесці, але і наогул. Зямны шар круціцца вакол эгацэнтрызму.

Дзверы ў дзверы са мной жыве Адам Пятровіч Хілінскі, які часам запрашае мяне згуляць у шахматы і ўзяць чарку каньяку. Мянушка ягоная — «палкоўнік у цывільным» (мая чамусьці «Тоха», так называюць нас усе фраеры двара).

Хто ён? Не ведаю.

|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]