Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 18 из 453

І ведаю гэта лепей за іншых, бо ён некалькі разоў, ведаючы пра мае «гістарычныя дэтэктывы» і, магчыма, чытаючы іх, расказваў мне розныя выпадкі з мэтаю, што вось бы мне тое і напісаць ды зрабіць, бо пішуць і робяць нецікава і мала. А я не мастак на такія справы, то я адмоўчваўся.

Я гляджу на яго не так, як суседзі. Мне ён здаецца гэткім «Абелем у адстаўцы».

Можа, яно так ёсць на самай справе? Хто ведае? Я яго не пытаю.

І ён не скажа. Ведаю толькі, што хату — на горшую недзе выменяў: «Што мне, я адзін. І гэтай бы замнога, каб не кнігі ды фоткі».

Гэта адзіны мой друг на пад'езд. Не друг, уласна, а прыяцель па шахматах, па самотнай мужчынскай выпіўцы. Нячаста толькі. Бо метад жыцця ў яго дзіўны. Бывае, што ўдзень спіць, а начамі чорт ведае дзе. Часам месяц-другі няма ўдома. Завітае на гадзіну — і зноў няма.

Я не распытваю пра яго работу, калі сам не ўспомніць чагосьці. Па-першае, не ведаю, пра што можна спытаць. Па-другое, не ведаю, на што можа адказаць, і не хачу ставіць чалавека ў нязручнае становішча. Па-трэцяе, увогуле не люблю ніякіх устаноў, нават больніц. Кашмар! Твары хворых, плявальніцы, пах. Яшчэ з даваеннага дзяцінства, з крывава-чырвонага плаката ў зубной лячэбніцы.

Толькі на кватэры я магу звесці з некім знаёмства. На службе чалавек не сам сабою, не тая асоба, якая толькі й цікавіць мяне.

Нават са сваім шэфам я разгаварыўся толькі тады, калі ён запрасіў мяне ў госці.

Так і тут. Мабыць, я псіх, але што зробіш? Але розум у яго жывы. Сам мог бы пісаць, а не падбіваць мяне.

Высокі, сівы, увесь нейкі дужа неславянскі — такіх толькі ў замежным кіно ўбачыш.

|< Пред. 16 17 18 19 20 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]