Страница:
325 из 453
Ішлі свежаўрбанізаваныя з валізкамі, часам нават дыхтавымі, ідаўно ўрбанізаваныя з рукзакамі і сеткамі. Ішлі на апошнім дыханні, як вярблюд, адолеўшы Каракумы, дачныя мужы. І крочылі дачныя жоны ў невядома на якога чорта зробленых прычосках. Ішоў легкадумны адзінец, закідаючы на іх позіркам, і ішла мнагадзетная сям'я, што знемагала пад цяжарам сваіх клопатаў. Дый не толькі сваіх, але і чужых, бо дзяўчынка год сямі настойліва прасілася па вялікай патрэбе, а хлопчык год чатырох ішоў побач і, што горш за ўсё, ні аб чым ужо не прасіў.
— Хрэсны ход у старым мястэчку Кладзенскай губерні, — прагучаў раптам голас Хілінскага. — Процьма разявак. — І тонам клапатлівай квактухі: — Ванечка, перастань пукаць и смотри лучше, какие хоругви несут.
Убачыў, што я не адзін, заліўся чырванню і — о дзіва! — удаўся ў тлумачэнні:
— Прабачце… Але я шмат год вымушаны быў стрымлівацца і даў сабе слова, што калі будзе можна — дам сабе волю, рэкорд пастаўлю па нястрыманасці на язык.
— Нічога, — Сташка, як ні дзіўна, весела пасмейвалася, разглядаючы майго «англічаніна».
Да нас набліжаўся ўсмешлівы Адам з рукзаком і вудамі ў чахле, і — зноў дзіва! — поруч з ім Хасэ-Інэзілья Лыганоўскі, таксама з вудамі і з чамаданчыкам.
— А я не верыў, — сказаў я. — Сапраўды, нешта вялікае ў лесе здохла.
— Чаму? — сказаў псіхіятр. — Што я, не маю права пабіць лынды дзень-другі? А вось вы чаго тут аціраецеся?
— Ацірацца гэта, уласна кажучы, мая прафесія, — сказаў я.
|< Пред. 323 324 325 326 327 След. >|