Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 337 из 453

А можа, і брыльянтавы пярсцёнак… разам з пальцам закатаванай прыгоннай актрысы. З пальцам, бо дабром усё такое рэдка канчаецца.

Хілінскі толькі галавою пакруціў. А я кіпеў усё болей: са злосці на няўдаліцу, самога сябе.

— І потым… мала ў каго з актрыс зараз ёсць дужа ўжо каштоўныя брыльянтавыя пярсцёнкі. Калі яны, вядома, не за лаўрэатам, дырэктарам буйнога завода або за… адміністратарам па даставанню.

— Злуяцеся? Ну-ну, — толькі й сказаў ён.

Але мяне пачало ўжо заносіць. Я казаў такое Хілінскаму. Аднаму з тых, каго я на сто працэнтаў паважаў і на сто пяцьдзесят любіў.

— У мяне быў прыяцель. Нессельродэ. Нашчадак таго ці не — не ведаю. Але бабуля ягоная была «з быўшых», — я цадзіў атруту і ад злосці на самога сябе быў гатовы разарваць суседа па пляцоўцы на кавалкі. — Адзін час ён быў прафоргам і — хочаце верце, хочаце не, а плаціў яму прафсаюзныя ўзносы рабочы Пушкін… Ну, гэта справы не датычыцца. То вось, гэтая бабуля казала пра цяперашніх, што «божа, гэта ж не актрысы, гэта ж грамадзянкі». І правільна! Якія там утрыманкі, якія оргіі ў «Яра»? Гадавой маёй зарплаты не хопіць, каб пабіць усе вокны і пераламаць мэблю хаця б у «Журавінцы» (не кажучы пра кароткі шлях адтуль у міліцыю), а тым больш не хопіць, каб паднесці, скажам, актрысе НН брыльянтавае калье. Дый яна не возьме.

— Бурчыце? Ну-ну.

— Дый яна не возьме. У яе муж, дзеці, яна сасіскамі ў буфеце перакусвае. І гэта добра. Свінства, прынамсі, няма. Так што пярсцёнка не будзе.

|< Пред. 335 336 337 338 339 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]