Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 338 из 453

А будзе ў гэтай вашай апошняй каробцы абавязкова нейкая гадасць… Ну, я справа іншая. Але Шчука?! Шчука, якога глупства разгадаць не можа?! Ходзяць вакол ды навокал. А нехта дзейнічае… Пустаслоўе і няробства… Загублены час.

— Дарэмна, — сказаў Хілінскі, — я думаю, ён не губляе час. Бяда, што (пакуль) таму або тым удаецца яго апярэдзіць.

— Добра, — змрочна сказаў я, — ану, дзе ваша храпка?

— Храпку перадае вам Шчука, — нечакана суха сказаў ён, — і няма тут маёй віны, што са мной цэлы дзень цягаліся людзі, што аж да гэтай хвіліны нам з вамі не ўдалося пабыць адным. Што ж, грызі качан зараз. Герард твой загадаў доўга жыць.

— Які Герард?

— Ну твой. Пахольчык, з папяроснага.

— Якім чынам?

— Знайшлі ў зачыненым кіёску. Атруціўся.

— Трэці? Аднастайная смерць. Чым?

— Нейкая дужа моцная раслінная атрута.

— Якая?

— Пры экспертызе… Словам, некаторыя чыста раслінныя атруты нельга распазнаць. Таксама як і проціяддзя ад іх няма.

— Яшчэ што?

— Дворнік ваш, Кухарчык, у той самы дзень…

— Што?

— Чэрап праламаны нейкай тупой прыладай. Зрабілі аперацыю. Да памяці не прыходзіць. Дактары не абяцаюць, што будзе жыць… Ну, што ты будзеш рабіць?

— Я табе казаў. А ты?

— Пайду з арганістам і Лыганоўскім у рыбу. Ён хоча ехаць заўтра вечарам назад. Засумаваў нешта.

Хвілінскі падняўся на ногі.

— Так, браце, усё больш складана, чым мы думалі.

— Я вось думаў…

— Цуд-цудоўны занятак. Пастарайся не кідаць яго да самай смерці.

|< Пред. 336 337 338 339 340 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]