Страница:
351 из 453
Але я мацаў і мацаў у поўнай цемры так упарта, нібы гэта была апошняя наша надзея. Хаця што нам магло даць тое шкло? Магчыма, адну-адзіную няўдалую спробу. А што магло даць нам святло, нават калі б мы здабылі яго?
Але я шнарыў, мацаў, шныпарыў, ледзь не нюхаў гэтыя адкіды. І вось… вось… не, не яно… вось. Яно… яно, чорт мяне і ўсіх пабірай.
— Сташка.
— Я тут… Паўзі… Сюды… Сюды… Што ты знайшоў?
Я прыклаў шкло да шчакі — дзякуй богу, сухое. Ані кроплі вільгаці на ім, ляжала, відаць, у пяску.
— Давай запалку.
Я асцярожна вадзіў ёю па валасах, на шчасце, таксама сухіх. Сухія валасы лепшыя за самую лепшую прамакашку.
— Трымай свечку… Так. Тут трымай. І крый цябе божа нават дыхаць.
З сілаю прыціснуўшы пальцам галоўку, я моцна і хутка чыркануў ёю па шкле. Раз… Другі… Трэці…
Зашыпела.
І вось на кончыку запалкі расцвіла цудоўная, сіняя ўнізе, аранжавая вышэй і жоўтая на канцы, чарадзейна жывая кветка.
Успыхнуў фіціль свечкі.
Новымі вачыма глядзеў я на нашу турму, на перамежныя палосы каменю й цэглы, на конус смецця, які засыпаў сходы. Уторкнуў у гэтае смецце свечку і паклаў побач астатнія дзве.
— Хопіць ненадоўга, — сказаў я, — бо давядзецца прыпальваць адну ад другой.
— Мы не ведаем, — сказала яна, — ці можам мы сабе дазволіць нават такую раскошу? Ці хопіць у нас у гэтай пастцы паветра? А вы яшчэ закурылі, Антон.
— Таму і закурыў. Бачыце, дымок цягнецца да той цёмнай плямы ўнізе і да той, што вышэй. Тут ёсць цяга, ёсць паветра.
|< Пред. 349 350 351 352 353 След. >|