Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 353 из 453

Не мог ён так лёгка пачаць сыпацца спачатку між пліт, а пасля на іх, хаваючы нас. Тут ясна што было? Тут было нешта накшталт разважання ў старажытным усходнім гімне, прыведзеным, здаецца, у кніжцы «Душа аднаго народа» нейкага англійскага афіцэра Фільдзінга. Кніжка расказвала пра Бірму, і было ёй каля ста год. Як яно было сказана?

Дзе іх сляды, дзе твае сляды?

Хто знойдзе іх і хто знойдзе цябе?

Так, здаецца, я чытаў гэта там. Сто супраць аднаго, што гэты «абвальшчык» і «сапраўднага» Фільдзінга не чытаў. Але разважаць ён павінен быў прыблізна так.

І што гэта так уразіла мяне ва ўласных словах, што я «дастану іх, хаця і ў зямлю зарыюцца. Разам з мінулым і сучасным»?

Падзеі, словы, факты, чуткі нібы толькі што былі жменяй рознакаляровых шкельцаў, а цяпер, быццам змешчаныя ў нейкі чароўны калейдаскоп, які стаў павольна паварочвацца, паступова пачалі складацца ў геаметрычны візэрунак, у якім былі і сіметрыя, і нават сякі-такі парадак.

Слядоў — я зноў прайшоўся па нашай турме — не было, акрамя маіх. На жаль, я не паглядзеў, спускаючыся, ці былі яны на прыступках. Калі былі — значыць, тыя, крыху спусціўшыся па сходах, самога сутарэння дакладна не разглядалі і маглі не заўважыць атвораў, праз якія прыходзіла да нас паветра.

Па іхняму разліку, мы не павінны былі памерці ад смагі на нейкі там трэці ці чацвёрты дзень. Мы павінны былі памертіі ад задухі праз нейкія пару гадзін. Яны не хацелі рызыкаваць. Некалькі дзён — гэта зашмат.

|< Пред. 351 352 353 354 355 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]