Страница:
352 из 453
Прынамсі, мы не задыхнемся. І я паспрабую зрабіць трут. Няхай сабе не з дравеснай губы. Няхай сабе нават з уласных портак.
Я глыбока зацягнуўся і даслаў чарговы струмень дыму. І зноў яго пацягнула да цёмнай плямы ў муры.
Атвор. І цяга. Моцная цяга.
— І ўсё ж, у чым справа, што ўсё гэта так нечакана абурылася? — задуменна сказала яна.
— А тут і не дакапаешся. Можа, той падбураны мур рухнуў і ўдар аддаўся сюды… А можа, і хутчэй за ўсё, нехта сачыў за намі. Нехта пастараўся нас тут замураваць. А разам з намі замураваць і сваё мінулае.
— Ды тут нічога няма. Якое мінулае? Дзе?
Я якраз канчаў абстукваць каменем падлогу.
— Так. Ніякага другога падзямелля пад гэтым няма. Значыць, мы не там шукалі. Значыць, трэба шукаць у другім месцы.
— ІЦукаць? Вы ж збіраліся кінуць?
— Дудкі, — сказаў я. — Цяпер ужо дудкі. Знайду.
— Вы спачатку выберыцеся адсюль.
— Выйду. Не ведаю як, але выберуся. Праз мур прайду, а буду там. У зямлю зарыюцца — і адтуль іх дастану. Разам і з мінулым, і з сучасным, і з будучыняй, якой у іх — я пастараюся ўжо — не будзе.
Гэтыя простыя словы як нешта раптам зварухнулі ўва мне. Гаварыў я іх болыш падсвядома, чым думаючы над іх сэнсам.
Чаму я быў упэўнены, што нас завалілі? Па-першае, страсенне ад нейкага там абвалу не магло зваліць пліты. Трэба было прыкласці да іх яшчэ і нейкае механічнае намаганне, каб яны абурыліся. Па-другое, жвір мы адкідалі ўсё ж досыць далёка.
|< Пред. 350 351 352 353 354 След. >|