Страница:
358 из 453
Я пражыў больш за цябе так многа, такбессаромна многа, што не маю права…
— Ты на ўсё меў права… Я вельмі, вельмі кахаю цябе. І мне ўсё адно што ты не ведаў, — цяпер ведаеш. І мне ўсё адно што мы тут і не выйдзем адсюль. Бо гэта мы тут. Ты і я. І іншых у нас, нават калі б здарылася непапраўнае і я перастала б так кахаць цябе, як кахала, ужо не будзе. Не думай. Я шчаслівая гэтым.
— І я шчаслівы, што дапамагло гора, што я пачуў гэта. Бо я ніколі б не наважыўся сказаць табе… Хаця я жадаў бы, каб ты жыла доўга-доўга, пакуль існуе гэты кляты, гэты блаславёны свет. А больш за ўсё на свеце хацеў бы, каб ты жыла. Я дужа, дужа кахаю цябе. І мне лёгка зараз прызнацца ў гэтым.
Яна прысунулася да мяне і паклала галаву мне на калені.
— Я дужа… я ўсё б аддала за цябе. Праўда. Праўда, бо лёс паставіў нас перад немагчымасцю хлусіць. Ані ў адным слове.
— Я і так ніколі не хлусіў бы табе. Гэтым цяжкім валасам, марскім вачам, гэтым веям немагчыма было б хлусіць. Дзякуй табе за ўсё. Будзь блаславёная.
І так мы сядзелі ў палоне неразрыўных, злітых у адно апошніх абдоймаў, чакаючы апошняга выйсця.
А іншага нам дадзена не было.
Прайшлі хвіліны, можа, гадзіны, а можа, і стагоддзі. Мы баяліся паварухнуцца. Мы жылі перапоўненым, вышэйшым жыццём. Таму што проста ўжо не жылі.
Я ўскінуў галаву. Мне здалося, што пачуў крык. Дзіцячы? Або крык дарослага, прыглушаны каменнай тоўшчай?
Крык гэты нібыта блукаў, гучаў то бліжэй, то далей, то зусім знікаў, то біўся ў нейкіх блытаных лабірынтах.
|< Пред. 356 357 358 359 360 След. >|