Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 363 из 453



— Слухайце, — сказаў я, магчыма, занадта рэзка, бо не мог забыць той усмешкі ў атворы, — ці магчымая гэта рэч, стопрацэнтны хрысціянін першых год хрысціянства? У нашы дні, з нашым мінулым? Не хлусі нават у дробязях, не пралюбадзействуй нават вокам. Не. Вы, здаецца, такі або хочаце быць такім. Растлумачце мне, як гэта?

— Ды ну вас.

— А я не веру. Не веру, бо ў большасці людзей падвойнае дно.

— Не верце яму, — ціха сказала Сташка, — проста ў яго быў стрэс, і ён аніяк не можа ачомацца.

— Двайное дно. Магчыма, й тых замуравалі, як у маім сне. Майму калейдаскопу не хапае яшчэ толькі аднаго шкельца.

— Якога?

— Што азначалі тыя словы з кашмару: «Два вартавыя неадпетыя і адзін няхрышчаны»? Хто гэта такія, тыя тры?

— Слухайце, — сказаў ксёндз, — у вас сапраўды добра-такі лезе наверх нервовая нераўнаважнасць.

Мы выйшлі на святло. Зелянела трава. Нізкае ўжо сонца клала апельсінавыя адценні на лістоту. За брамаю, на вясковай вуліцы, далятаў з хмары пылу спакойны і мірны харал вячэрняй чарады: мыканне кароў, жаласліва-гнюсаватыя галасы авечак.

Я ўзяў Сташку за руку, і тут мяне закалаціла. Так, што я баяўся выціснуць з сябе нават слова, каб яно не прарвалася рыданнямі палёгкі. Не за сябе, можаце мне паверыць.

— Ты не шкадуеш аб сённяшнім дні? — шэптам спытала яна.

— Не. Хтосьці сказаў: «Я не ведаў, як выглядае мой родны дом, пакуль не выйшаў за ягоныя муры. Я не ведаў, што такое шчасце, пакуль не прайшоў безданяў бяды…» Я не шкадую аб сённяшнім дні.

І аднак мне давялося пад канец пашкадаваць аб ім.

|< Пред. 361 362 363 364 365 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]