Страница:
364 из 453
Ад «плябаніі» — нашай, вядома, — кінуўся мне насустрач Мультан:
— Дзякуй богу, жывыя. Дзякуй богу, хоць вы жывыя. Бо трох у адзін дзень…
Мне нібы жалезам абцягнула сківіцы.
— Хто?
— Зеляпушчанак сёння выцягваў шнур ля Дубовай чапы (чорт яго, чаго ён заўсёды яго ў гэтых карчах ставіць) і выцягнуў…
— Лапатуха?
— Ён. Міліцыя павезла ўжо. Відаць, упаў у цемры са стромага ўрвішча. Скроняй аб корч ці аб чорны дуб — унь колькі іх там стырчыць з берага. І гатоў!
Я ўспомніў вартага жалю, бяскрыўднага чалавека-пакутніка, ягонае безабароннае «хлопчык, не трэба» і як ён спрабаваў напужаць мяне, каб не швэндаўся ў «яго доме». І ўспомніў свае падазрэнні, і ўявіў апошняе шкельца з калейдаскопа: цела тапельца.
І тут я зразумеў, што я — асёл.
РАЗДЗЕЛ VII ПРА ЖЫЦЦЁВУЮ НЕАБХОДНАСЦЬ ГРУНТОЎНАГА ВЫВУЧЭННЯ СТАРАСЛАВЯНСКАЙ ГРАМАТЫКІ І АЛФАВІТА, ПРА БЕЗ ПЯЦІ ХВІЛІН ДАКТАРОЎ НАВУК, ЯКІЯ ТАКСАМА БЫВАЮЦЬ АСЛАМІ, І АДНУ ДАПАМОГУ, ЯКАЯ ПРЫЙШЛА НЕПАПРАЎНА ПОЗНА
Мы сядзелі з Хілінскім на беразе става, там, дзе ўпадала ў яго Альшанка. Вельмі шырокі ў гэтым месцы стаў сям-там парыў, стаялі над ім маленькія і рэдкія слупы туману, ледзь падсвечаныя нованароджаным сонцам.
Вудзілі. Праўдзівей, вудзіў адзін ён, хаця не часта, але падсякаючы то плотку, то невялікага галаўня. Ужо дзесяткі з два такіх сноўдалі ў яго вядзерцы, часам без дай прычыны пачынаючы ліхаманкава, як па камандзе, брохаць.
|< Пред. 362 363 364 365 366 След. >|