Страница:
365 из 453
— Усё ясна, — сказаў ён,выслухаўшы мяне. — І ясна, што Лапатуха павінен быў загінуць пасля лекарскага заключэння Лыганоўскага. Нехта збаяўся таго, што да чалавека вернецца псіхічная раўнавага.
— З тых, што прысутнічалі?
— Чаму? Кожны з іх мог расказаць пра гэта камусьці са сваякоў ці знаёмых.
— Лыганоўскі такі з'ехаў.
— Ну так. Сказаў: «Калі кожнае маё слова на гэтай цудоўнай і высокамаральнай старонцы будзе весці да такіх вынікаў, дык я знікаю, і няхай яны тут жывуць па сваіх норавах і звычаях. Мне да іх цяпер, што Кутузаву да Англіі».
— А што было Кутузаву да Англіі?
— Ну, калі мы надта ўжо насіліся і панькаліся з новай саюзніцай, дык ён сказаў «пфуй» і імператару і такой палітыцы і дадаў нешта ў сэнсе: «А по мне так хоть сейчас же провались этот остров — я бы и не охнул».
— Т-та-ак, гуманнасцю тут фельдмаршал не вызначыўся.
— І ўсё ж я нікога не бачу з прысутных там, хто мог бы такое ўчыніць, каго мінулае звязвала б з гэтым няшчасцем.
— Мы яшчэ вельмі мала знаем. І таму не можам прадбачыць і прадухіліць учынкі гэтага або гэтых. І ты маеш рацыю: маглі камусьці і расказаць.
— «Прадухіліць». А тут праз гэтае няведанне гінуць і гінуць людзі. Вы не загінулі ўчора толькі дзівам.
— Думаеш, штучны абвал?
— А як жа. Упаў кавалак мура там, дзе ламалі. І тут да сатрасення далучылася сіла, прыкладзеная да пліт.
Шмаргануў. На гэты раз акунька.
— Кінь, — нечакана папрасіў ён. — Кінь. Не твая гэта справа.
|< Пред. 363 364 365 366 367 След. >|