Страница:
367 из 453
Мая вуда паспяхова сплыла б на сярэдзіну става, каб ён не перахапіў яе.
— Ну вось. Вось і ў цябе. Ды глядзі, як павёў асцярожна… А, чорт! Ды што ўрэшце з табою?
Але тут я пачаў калаціцца ад смеху. Спачатку ціхага, а пасля зусім ужо нясцерпнага і нястрымнага.
— Ды што з табой, хлопча? Сапраўды ты з глузду з'ехаў, ці што?
— Ідыёт! Ідыёт!
— Згодзен, але чаму?
— Я сказаў… ой… пра глаголіцу.
— Не ты першы.
— І толькі тут мне стукнула ў галаву… Мы шукалі пад трэцяй вежай.
— Правільна. «ВЕДЗЕ» трэцяя літара, што ў кірылічным алфавіце, што ў глагалічным.
— Так. І ў глагалічным… ах-ха-ха!… «АЗЪ», А — першая літара і мае пад цітлам значэнне адзін, «БУКЫ», Б мае значэнне — два, а «ВЕДЗЕ», В мае значэнне — тры… Ой, трымайце мяне! І нас ледзь не засыпала і не забіла пад трэцяй вежай.
— Та-ак. Не бачу нічога смешнага. Своеасаблівы гумар.
— Справа ў тым, што «АЗ, БУКЫ, ВЕДЗЕ» — сапраўды адзін, два і тры. Так у глаголіцы. Але ў кірыліцы «БУКЫ», Б — не мае лічбавага значэння. І ніколі не мела, як Ж, як дзвервь (ђ), як Ш, ІЦ, Ю і іншыя. Не мела.
— Як-як?
— А восьтак. І значыць, S ступ уніз, гэта азначае 6, а не восем ступ уніз. Б і Ж не мелі ў старажытнай Беларусі лічбавага значэння. А — першая вежа, Б — ніякая, разумееш ты, ніякая. А В — гэта другая вежа ад кутняй. І значыць, памыліліся не толькі мы, але і тыя, што хацелі нас засыпаць. Яны нічога не ведалі, яны толькі сачылі за намі. А ўсё, што мы… ох… яно пад другой вежай.
|< Пред. 365 366 367 368 369 След. >|