Страница:
370 из 453
Я ўжо нават прыблізна бачыў, дзе пліты на падлозе драбнейшыя. Там можна было дапусціць існаванне замураванага лаза. Таму я спецыяльна не даў рабіць хлопцам раскопку да канца.
— Досыць на сягоння. Заўтра з раніцы зоймемся зноў.
Яны бурчалі. Азарт ёсць азарт, асабліва калі справа падыходзіць да канца.
— Нічога, нічога. Пакіньце крыху прыемнага чакання і на заўтра.
— Прыемнага, — досыць здзекліва сказала Сташка. — Нічога там прыемнага не будэе. Проста хочацца хутчэй дакапацца.
Я пазмрачнеў:
— Калі нават я маю рацыю, то адзін дзень нічога ўжо не дасць і нічога ўжо не зменіць. Калі нават здагадкі правільныя. Таму што людзі, мы, у гэтым выпадку спазніліся з дапамогай. На добрыя тры з паловай стагоддзі.
РАЗДЗЕЛ VIII ДВА ПРЫВІДЫ Ў ЛАГЧЫНЕ НЕЧЫСЦІ І ДАМА З ЧОРНЫМ МАНАХАМ, АБО ПАРШЫВЫ БЕЛАРУСКІ РЭАЛІЗМ
…Мы ўмыліся ў рукаве рэчкі, развіталіся, і я пайшоў праводзіць Сташку і яе каманду да лагера. Там ўжо весела скакала вогнішча і шыпеў на ім кацёл з нейкім супам, мяркуючы па паху, курыным, а ля яго чарадзейнічала худзенькая Валя Волат. Усе расселіся навокал.
— Што гэта вы так позна? — спытала сённяшняя кухарка.
— Свіння палудня не знае, — адказаў Сядун. — Дый не толькі мы вінаватыя. Певень жа яшчэ не зварыўся.
Я адчуваў, што Генка зноў нешта рыхтуе.
— А ўсё яна, — сказаў вісус, ківаючы на дзяўчыну. — Не трэба было ёй глядзець, як пеўня рэзалі. У яе вока жывіць.
Уздыхнуў з фальшываю скрухай:
— Так доўга мучыўся певень.
|< Пред. 368 369 370 371 372 След. >|