Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 371 из 453



Тут Валя мяне здзівіла. Відаць, Генкавы блазноцтвы ўжо нават ёй у глотцы сядзелі.

— Гэ-эх, — сказала яна, — не чалавек, а засуш. Ды яшчэ такая засуш, што й пустазелле ў полі сохне.

— Сам ён пустазелле, — сказала раптам Тарэса.

— А мая ж ты даражэнькая, а мая ж ты таечка. А я ж з табою жаніцца хацеў.

— З якою па чарзе? — спытала Тарэса. — Жаніся, толькі не са мною.

— Жаніся, каб дурні не перавяліся, — дадала Валя.

Генка прыцінуў, разумеючы, што тут ужо ўсе хочуць прыціснуць яму хвост. Нават пасля ежы гжэчна сказаў «дзякуй», але Волат і тут была няўмольная:

— Дзякуй за абед, што паеў дармаед.

— Літасці! — узмаліўся Сядун.

Але дзяўчатам і самім ужо не хацелася дабіваць «дармаеда». Зляцеў ціхі анёл.

Я не ведаю нічога лепшага за вогнішча. Яно прываблівае заўсёды. Але асабліва ў такім вось свеце, залітым аліўкава-залацістым святлом поўні. Паўсюль мяккая аднатоннасць, паўсюль нешта такое, што вабіць невядома куды. І ў гэтай трохі нават серабрыстай месячнай імгле — цёплы і рухомы чырвоны мазок.

Мастакі разумеюць гэта. Добрыя мастакі.

— Мне час, — сказаў я, уздыхнуўшы, і ўстаў.

— Бадай што, я вас праводжу да краю гарадзішча.

Прахалода начнога паветра на абліччы. Асабліва ласкавага пасля цеплыні вогнішча. Мы ішлі ў гэтай імгле. Вогнішча аддалялася і ператваралася ўжо ў плямку, у жывую іскру.

|< Пред. 369 370 371 372 373 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]