Страница:
375 из 453
— Здароў, Ганчаронак, — кіўнуў я, пакасіўшыся на таго,што падыходзіў ззаду. — І ты здароў, Высоцкі, — гэта пярэдняму. — Што, спакой абрыднуў аматару «ціхага жыцця»?
— Ну, здароў, — гэта працадзіў урэшце першыя свае словы Высоцкі. — Добрай ночы, Косміч.
— Наўрад ці яна будзе добрая.
— І тут ты не памыляешся, — з лянотным спакоем сказаў ён.
— Дарэмна вы задумалі, хлопцы. Дарэмна распачалі. Маё маўчанне ўжо нічога не каштуе. Я парушыў яго. І калі са мной нешта здарыцца — тыя людзі зробяць свае высновы. І на гэты раз хістацца сабе не дазволяць. Марудзіць не будуць.
— А нам не трэба. Гэта не здабыццё маўчання, — азваўся Ганчаронак. — І нават не зусім помста. Проста падвядзенне ітогаў. Ты зрабіў сваю справу, прывёў нас да табой жа адкрытага сховішча. А ўжо ўскрыць яго — тут нам цалкам хопіць твайго маўчання да раніцы. Гэта для нас яно будзе — да раніцы. Для цябе яно будзе на неакрэслены час. Нават калі разлічваць на трубу архангела.
— Для вас яна таксама ўструбіць, — сказаў я. — Хутчэй, чым спадзеяцеся.
— Гэта мы, як кажуць, яшчэ паглядзім, — сказаў Ігнась.
— Ну дык што, — прапанаваў я, — прысядзем ды пагаворым.
— Цягнеш? — гэта Ганчаронак. — Выгандлёўваеш пару хвілін? Не дапаможа.
— Не, не цягну. Проста пастараемся наталіць вашу і маю цікаўнасць. Узаемна. Цікава ж, праўда, як працавалі нашы галовы?
— Твая скора працаваць не будзе, — сказаў Ганчаронак.
— Кінь, — перарваў Высоцкі, — і сапраўды цікава. А часу нам хопіць, нават зашмат будзе.
|< Пред. 373 374 375 376 377 След. >|