Страница:
377 из 453
Ім здалося, што больш надзейнага месца не знойдзеш. І яны не былі схільныя інфармаваць старонніх, ды яшчэ тутэйшых, адкрываць ім свае таямніцы. Наадварот, прыхаваўшы ад вас вашыя ж справы, яны прымусілі вас застацца тут надзейнымі вартаўнікамі сваіх каштоўнасцей і ў выпадку чаго абаронцамі іх, бо вы заадно баранілі свой спакой і сякую-такую будучыню… На такую неспадзяваную непрыемнасць, калі нехта пачаў бы шукаць і капаць.
Яны пераглянуліся.
— Але гаспадары не выжылі. Стары Альшанскі хуткім чынам памёр. Кніга знікла невядома дзе. Вы не маглі і падумаць, што яна закінутая на гару ў хаце дзеда Мультана, дзе яе знайшоў Пташынскі. Затое ў вас была надзея, што не ўсё згублена, пакуль кніга невядома дзе, а нават і знойдзеная дасць мала карысці таму, хто знайшоў. Бо яму трэба здагадацца аб існаванні шыфраванага паведамлення, раскрыць яго і… гэтага мала, мець у руках рэчавы прадмет, без якога, як лічыў старадаўні князь, дый вы таксама, расшыфроўка таямніцы немагчымая. Ні ён, ні вы не падумалі, што, маючы на плячах хаця нейкае падабенства галавы, можна абысціся і без наяўнасці рэчы.
— Якой рэчы? — праціснуў праз зубы Ганчаронак.
— Я шмат над гэтым думаў. Выпадак дапамог мне, а вы сваімі паводзінамі падмацавалі маю здагадку. Гэта «мед», медзь, гэты таўкач у вас, Ганчаронак. І ступа, якая, я амаль упэўнены, у вас, Высоцкі. Што ж вы не склалі сваіх набыткаў у адну агульную скарбніцу? Баяліся, не давяралі адзін аднаму.
|< Пред. 375 376 377 378 379 След. >|