Страница:
38 из 453
Так,два тыдні бойкі без пярэрвы ды пасля з год лясной вайны. І на гак павешаныя, і на палю ўскінутыя. Так, славуты «ўдар у спіну», пра які мы так мала ведаем.
— Нявыгадна было пісаць. «Здраднікі». І ў такі момант! Інтэрвенцыя, вайна. Наступныя падзеі, мабыць, і захілілі, зацерлі ўсё… Сюжэт, Мар'яне!
— Невыносны ты, — абурыўся ён.
— Ад цікаўнасці гару. Не цягні.
— Ну вось. І падлічыў я, даражэнькі мой, па пісцовых кнігах і актах, што за гэтыя гады, улічваючы і даходы з маёнткаў, нашчадкі, нягледзячы на ўсе шаленствы, аніяк не маглі выдаткаваць больш за трэць прыдбанага скарбу. Гэта пры самым што ні ёсць страшным, «радзівілаўскім», мантацтве. І вось у год бунту Валюжыніча княжыць у Альшанах Вітаўт Хвёдаравіч, пяцідзесяці сямі год, а жонка ў яго — Ганна-Гардзіслава Альшанская, дваццаці пяці год, а ў дзявоцтве князёўна Мязецкая. І княгіню гэтую страшэнна папікае ў сваім пасланні біскуп Кладзенскі Геранім за забыццё княскага і жаночага гонару, а галоўным чынам за тое, што ворагі княства вялікага карыстаюцца для сустрэч патаемных з ёю вопраткаю мніхаў.
— Сапраўды, жах які, — сказаў я. — «Дама з чорным манахам».
— І паршывы беларускі рамантызм, — сказаў Мар'ян. — Вось, уяві сабе такую маю гіпотэзу. Усё разбіта. Паратунку няма. Паўсюль гойсаюць віжы. Паплечнікі на палях хрыпяць. І ва ўсім вінаваты з самага пачатку князь Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Яму на водкуп было аддадзена Кладзенскае староства.
|< Пред. 36 37 38 39 40 След. >|