Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 39 из 453

Ён гроб несамавіта і яшчэ шмат грошай здзёр з яго на сваю карысць. Праз яго цяпер людзей вешаюць. А жонка ягоная, як і ў баладзе, — анёл. Што, не маглі яны тую казну, скарб той, пабраць і ўцячы? Каб хаця частку нарабаванага аддаць ахвярам?

— Гіпотэзы, — сказаў я. — Адкуль той паэта мог ведаць?

— А ты падумаў, колькі архіваў, сямейных паданняў, чутак, легенд, урэшце, магло знікнуць за сто з лішнім год? З войнамі, ды пажарамі, ды рэвалюцыямі? Пэўна, нешта ведаў.

Ён зноў закурыў. Не трэба яму было рабіць гэтага.

— І вось у 1612, — ён выпусціў дымавое кольца, — гэты чалавек, гэты «мніх» знікае. Самае цікавае, што знікла і яна. Ці ўцяклі, ці забітыя былі, хто ведае? Хутчэй за ўсё ўцяклі. Бо вось сведчанне копнага суддзі Станкевіча, што пагоня княская была, бо тыя нібыта пабралі альшанскі скарб, але ён, Станкевіч, воляй сваёю пагоню тую спыніў і ганіціся, пад пагрозаю смяротнай кары ад караля, не даў. Можа, другі нейкі загон князя дагнаў уцекачоў і забіў? Не. Вось у тым жа копным акце клятва Вітаўта Альшанскага на Евангеллі, што не забіваў і няма крыві на ягоных руках, і што пасля апошняй яго сустрэчы з імі, калі падсачыў, як збягалі яны з Альшан, такія і такія сведкі ведаюць, што былі яны яшчэ праз два тыдні жывыя… А між тым сляды іхнія зніклі. Ні ў якім горадзе аж да Вільні, Варшавы, Кіева — слядоў іхніх няма.

— Ну, гэта мала што! Ціха жылі, вось і няма. Хаця, паспрабуй ты пражыві ціха з такім багаццем.

|< Пред. 37 38 39 40 41 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]