Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 40 из 453



Раптам пэўная думка стукнула мне ў галаву:

— Чакай, а нашто там было быць копнаму суддзі Станкевічу, чалавеку з рода беларускіх шэрлок-холмсаў, патомнаму сышчыку? Амаль жа ніводнай шумнай справы не было ў шаснаццатым — семнаццатым стагоддзях, каб яе нехта са Станкевічаў не разблытваў. Аж да славутага Дурыніцкага забойства.

— То ж бо й яно! Якраз у час знікнення ўцекачоў кароль назначыў Станкевіча на рэвізію маёнткаў і прыбыткаў князя Альшанскага.

— І…

— І рэвізія тая скончылася нічым. Увесь скарб знік. Зніклі тыя, што забралі яго. Зніклі ўсе кнігі разлікаў, дакументы, нават радавыя граматы. Усё знікла. Пляменнікам князя Вітаўта давялося іх нанава выпраўляць. А праз гэта з іх пазней дужа смяяліся і, калі хацелі паздзекавацца, сумняваліся, ці такі ўжо на самай справе старажытны іхні род, ці не ўпісалі яны сябе самі ў розныя там прывілеі і кнігі. А ў іх і багацця дзядзькавага, казачнага, не засталося, каб хаця раскошаю заторкнуць раты, замазаць вочы.

— Пляменнікі? Чаму? І няўжо следства тое не дакапалася?

— Так, не дакапалася. Так, пляменнікі. Бо праз год пасля пачатку следства князь Вітаўт Альшанскі хуткім чынам памрэ.

Мы маўчалі. Слотны дзень за акном пачаў цьмянець.

— Але чаму следства? — спытаў я.

— Вось і я думаю чаму.

— Усплылі падзеі стогадовай даўнасці?

— Каго яны цікавілі? Нават калі было нейкае злачынства, то што, унуку адказваць за дзеда? Праз сто год?

— Маглі паквапіцца на грошы. Скарбніца дзяржаўная была пустая.

— Глупства. Падатак бы новы лепей наклалі.

|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]