Страница:
394 из 453
Гэта сапраўды здзіўляла, і ўражвала, і магло да паўсмерці спалохаць непадрыхтаванага.
Плывуць… Плывуць. Заліты фантастычным прывідным святлом двор. Два светлыя муры і вежы, што ў гэтым святле прыдбалі колер абгарэлага і запыленага чыгуну. І два муры чорныя і асабліва льсняна-чорная цемра на галерэі, і ў цемры гэтай рухаюцца дзве здані. Светлая постаць, цёмная, і аддзяляе яе ад астатняй цемры вузкая палоска святла.
— Не рухайцеся!
Я кінуўся амаль бегма да правага ўзыходу на гульбішча, узбег па ім і рушыў насустрач невыразна-цьмяным праявам.
Бліжэй… Бліжэй… І раптам яны зніклі. Тут жа ля мяне. Не здані і не прывіды, проста дзве плямы, што ператварыліся ў невідзімак.
— Яны зніклі, — даляцеў з двара голас Шчукі. — Але ты, ты асветлены, Антоне.
Я ўскінуў галаву і замёр, ледзь не аслеплены. Ад званіцы касцёла, ад дыска дзыгара клалася проста мне на цела і аблічча, біла ў вочы жарало, сноп рэзкага, яскрава-блакітнага святла.
— Сюды! Хутчэй.
Я пачуў тупат ног. Праз хвіліну людзі ўсе ўжо былі на галерэі.
— Зірніце! Унь! — паказаў я.
— Што такое, — прыслеплены Шчука міргаў вачыма. — Што гэта такое?
— Я здагадваюся, што гэта такое, — кіўнуў Хілінскі.
— Гадзіннік, — сказаў я, — сапраўды старамодны, старажытны нават, «дзыгар». Толькі адзін тут тып памыліўся. Тут нерухомы «дзённы» гадзіннік з рухомымі стрэлкамі і рухомы — больш вялікі цыферблат «месячнага» гадзінніка. Ён за нерухомым дзённым.
|< Пред. 392 393 394 395 396 След. >|