Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 393 из 453

Такія сабе нашчадкі кашчавых гёзаў, крыху ацяжэлыя гараджане з прэтэнзіяй на ваяўнічасць і мужнасць (гэта дзеля прыгажунечак, якія глядзяць на іх праз шчыліны ў аканіцах).

Двор, заліты святлом, цёмныя галерэі-гульбішчы на супрацьлеглым уваходу ягоным баку, грузлыя гмахі вежаў моцна паадбавілі гэтай ваяўнічасці, прымусілі ўсіх змоўкнуць і рухацца ўсё павольней, а пасля і наогул спыніцца.

Толькі Шчука, зваліўшы нейкую бляшанку, чартыхнуўся:

— Ну, давядзецца ўзяць за бакі Альшанскага, цяперашняга, вядома, што ён такое паскудства тут развёў. Накласці на яго, чорта, штраф. І не з калгаснай кішэні, а з асабістай. Тады заспявае.

Астатнія стаялі моўчкі. Нічога не адбывалася.

— Ну дзе ж тут твае «прывіды»? — з гумарам спытаў старшына Велінец.

Я зірнуў на гадзіннік і ўзняў вочы ў неба.

— Калі я маю рацыю — павінны дачакацца.

— Да заўтра чакаць? — спытаў ён. — Вось чалавек, які з ягоным ды цярпеннем памылку зрабіў, не пайшоўшы да нас.

— Пайшоў амаль, — буркнуў я. — Нічога добрага з гэтага не атрымалася.

— Колькі яшчэ чакаць? — гэта быў ужо Вячорка.

— А я нікога не прымушаю чакаць, Мікола Чэсевіч.

Хілінскі моўчкі дакрануўся да майго локця.

— Павінна быць вось-вось. Калі я не памыляюся, — шэптам адказаў я.

— Унь, — амаль прасвістаў глоткай Мультан, — унь замільгацела нешта.

На левым баку галерэі сапраўды нібы ўзнікла, заварушылася нешта. А пасля выявіліся і амаль невідочна для вока паплылі ўправа два невыразныя цені: цёмны і святлейшы.

— Яны, — здушаным голасам сказаў Хілінскі.

|< Пред. 391 392 393 394 395 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]