Страница:
4 из 453
Над паравым млынам адзіны ўцалелы рэпрадуктар, і з яго бравурны марш. І нараўлянін Каляда, камандзір майго аддзялення, увесь у пыльных бінтах, разануў па ім з аўтамата (мала іх яшчэ тады было, ледзь не адзінкі).
Разануў, «каб не звягав, паразіт».
Тут і скончылася мая ўзнёслая маладосць. Тут, а зусім не тады, калі мы прыкрывалі адыход нашых і Каляду забілі, а мяне, засыпанага зямлёй, узялі ў палон. Было гэта паўночней Оршы.
Я ўцёк з эшалона пад Альберцінам. І тут жа ў Слоніме ледзь зноў не трапіў… Уратаваў мяне дзядзька Здзіслаў Крыштафовіч. Як толькі яго ні хвалілі: «паслугівач, і падбрэхіч, і…»
Немцы пасля, у канцы сорак другога, павесілі яго, харошага чалавека, у вёсцы пад Слонімам.
І добра хаця тое, што ўжо дзесяць год стаіць яму ў той вёсцы помнік.
Вось так, сябры.
Партызанка. Зноў армія. Моцна зранены ля Патсдама. Дэмабілізаваны.
І пачалі мяне тут ва ўніверсітэце вучыць «уму маразму». У пяцьдзесят першым атрымаў дыплом, у пяцьдзесят чацвёртым аспірантуру скончыў. Дзіўлюся, як ад усёй гэтай навукі не стаў непапраўным дубам. Дысертацыю абараніў па «шашнаццатаму» стагоддзю. Дзеячы рэфармацыі. Гуманісты.
Стаў кандыдатам, спецыялістам па сярэдневяковай гісторыі, неблагім палеографам. Напісаў некалькі дзесяткаў артыкулаў, тры манаграфіі — можна і доктарам рабіцца.
Збіраюся. Вось-вось.
«Малады таленавіты доктар гістарычных навук».
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|