Страница:
5 из 453
Цьху!
Асобныя прыкметы:
Светлы шатэн, вочы сінія, нос сярэдні, рот — шчылінаю ў паштовай скрынцы на галоўпаштамце, морда — сумесь варага з познім неандэртальцам, рукі граблямі, ногі доўгія, нібы ў палескага злодзея.
Спартыўныя дадзеныя:
Сто дзевяноста адзін сантыметр росту, восемдзесят дзевяць кілаграмаў вагі. Плаванне — першы разрад, фехтаванне — другі — а каб вы спрахлі! Адносіны да баскетбола? Мог бы і ў баскетбол. Але на першай трэніроўцы нехта выцерся аб мяне потнай спінаю. Разумееце, не рабочы пот, не жаночы, а з рэзкага паху, валасатага цела, якое ледзь не сплывала тлушчам… Кінуў гэтую справу. Грэблівы занадта.
Футбола не люблю. У гімнастыцы — нуль. Не ведаю, ці здолею пятнаццаць разоў падцягнуцца на турніку.
Вось, здаецца, і ўсё, што цікавіць людзей.
Ф-фу-у!
А наконт таго, чым дыхаю, што толькі маё, дык гэта росшукі ў мінулым. Акрамя вышэйпамянёных прац напісаў яшчэ некалькі, накшталт… ну строга абгрунтаваных, дакументальных гістарычных дэтэктываў, ці што.
Некаторыя з'явіліся ў часопісах. Некаторыя яшчэ чакаюць: «Злы лёс роду Галынскіх», «Забойства ў Дурынічах» і г.д. Калі вось гэтая гісторыя вас зацікавіць, я, з часам, пазнаёмлю вас і з тымі.
Смешна? І праўда, смешна. Навуковы работнік і, раптам, пінкертонаўшчына ў мінулым. Мне таксама смешна. Затое — цікава.
І вось пісаў, пісаў я — хутчэй ад жадання перамагчы пачуццё сваёй непаўнацэннасці, бо пісьменнік з мяне нікудышны, — гэтыя творы папулярнага цяпер жанру; пісаў, беручы замест таленту ўменнем разабрацца ў блытаніне актаў, фактамі і логікай.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|