Страница:
430 из 453
Вы падазравалі, ну на адну тысячную працэнта, што а раптам кніга можа быць і ў мяне, тым больш што той, са смеццем, падслухаў нашу размову з Мар'янам на сходах. І пасля па-суседску расказаў вам (памятаеце, я сведкам быў, як вы пра нешта гаварылі).
— Было, — лянотна сказаў ён.
— І вы, мяркую, можа, не ў той вечар, але папрасілі яго, каб дастаў яе ў маю адсутнасць. Абяцалі грошы. І гэта выклікала пазней спробу ўзлому маёй хаты.
Маўчаў. Ясна было і без слоў, што так. Урэшце азваўся:
— Ну тады яшчэ сумненні толькі былі. Усе — пераважна — думалі, што кніга яшчэ ў Пташынскага.
— І таму вы вырашылі ўсыпіць яго. Ці ж вы ведалі, што ўсё гэта аж так скончыцца? І вось Мар'ян сам купіў у вашага халуя пачак атручанай «Шыпкі»… Уся бяда была ў тым, што ваша правая рука не ведала, што робіць левая. Пахольчык падсоўваў «Шыпку» і ўсыпіў праз замочную шчыліну сабак, разлічваючы пагаспадарыць у кватэры падчас адсутнасці гаспадара. А ў гэты ж самы час Мар'ян ехаў на возера. Па запісцы на маёй паперы, здабытай Зояй і падробленай пад мой почырк кімсьці з вас… Вамі асабіста, Альшанскі.
— Зноў праўда. Што яшчэ?
— Ды ваша дзейнасць як атрутніка.
— Ого-го. Ды вы што, перакваліфікаваліся?
— Не, — сказаў я, — гэта мне падарунак зрабілі. А справай вашай…
— А справай іхняй і вашай цяпер зоймецца не ён, — сказаў Шчука. — І нават не я. На жаль. А можа, як падумаеш, што непасрэдна ваша, гм… аблічча… бачыць буду куды радзей, то не на жаль. Хутчэй, на радасць. Кажыце далей, Косміч.
|< Пред. 428 429 430 431 432 След. >|