Страница:
432 из 453
Часам на тых камянях узнікаюць запруды з дрэў, і лісцяў, і іншага, і тады рака разліваецца па нізінах, калі яны ёсць, і ўтварае балоты колеру чорнай гарбаты.
Ён закурыў са свайго пачка:
— Мне давялося блукаць там доўга. І з насільшчыкамі і самому, калі яны кінулі мяне. Я ўсё адно ішоў. Мне добра плацілі і ў Ахмадабадзе, і ў Бамбеі, і яшчэ лепей у Джайпуры, і нават у Дэлі за расліны: і лекавыя, і атрутныя, і… наркатычныя… Там, недзе між Бурханпурам і… А, ды ці не ўсё адно?! Я і пачуў пра кветкі расліны Ваё і яе зерні, наркотык рэдкасны і небывалы. Рэдкасны, бо водзіцца толькі там (можа, калісьці арэал быў шырэйшы, ды там расліну звялі). А ў мегаполісах, у гэтай недаступнай пчалінай краіне «ваё» збераглася. Зрэдку вецер заносіць яе зерне, яе слёзы… да людзей…
Твар ягоны нібы пацяжэў.
— І чаго мяне зноў панесла назад, на так званую бацькаўшчыну?… Стаміўся ў блуканнях?… Паваліў цень багацця?… Вось я маю яго зараз… А там я мог бы быць манапалістам, зрабіцца мільярдэрам… Толькі пляваць мне на гэта… Проста нідзе я не быў такі шчаслівы, як там… Ну добра, хопіць пра гэта.
Сеў выгадней, нібы сеў на ўлюбёнага канька і сабраўся чытаць лекцыю. Ды так яно і было.
— Вы, мабыць, не задумваліся, што чалавеку (я маю на ўвазе чалавека вытанчанага, а не прыземленую свінню) з часам усё абрыдае. Свіння так і будзе да смерці лыгаць сівуху і задавальняцца гэтым. Вытанчаны — вынаходзіць. Усё вастрэй, усё з большай выдумкай — сапсаванасцю, ненармальнасцю.
— Пра сябе? — спытаў Шчука.
— Не, — сказаў Хілінскі, — ён не з тых.
|< Пред. 430 431 432 433 434 След. >|