Страница:
438 из 453
Таму гэта і прывяло да такіх падзей.
— А гэта не ўваходзіла ў кампетэнцыю вашых. Што, можа, іх задача дапамагаць гісторыкам і літаратуразнаўцам? Дапамагаць пану К. у пошуках аўтара «Энеіды»? Ці пані С. у пошуках старых Альшан?
— Маўчыце пра яе, — сказаў я.
— А-а… ну, дай бог. Але памагаць ім усім ці не затлуста будзе?
— Дарэмна не дапамагалі, — сказаў Шчука. — Узаемны вопыт мог бы прыдасца.
Здавалася, перад намі сядзеў не чалавек, які чакаў арышту, і не тыя, што прыперлі яго, а проста ішла мілая бяседа на цікавую для ўсіх тэму.
— Дарэчы, ці не выпіць нам каньяку? — устаў Альшанскі.
Мы пераглянуліся. Гэта было ўжо занадта. Але з другога боку…
— У якасці ўзнагароды за тое, што я прайграў, і, як бачыце, мужна прайграў. Не ламаюся. Словаахвотлівы.
Ён прынёс з серванта непачатую бутэльку «Дзвіна».
— А што? — раптам папусціўся злосці я. — Можна. Спадзяюся, што ён не трымае ў буфеце дзесяць непачатых бутэлек з атрутай.
— Можна, — сказаў Хілінскі.
— Я не атручваю віно.
— А цыгарэты? — спытаў я.
— Прыпомніце, што я раіў вам патроху піць і абавязкова кінуць курэнне.
— Было, — прызнаў я.
— Я не хацеў бы атруціць вас і не хачу атручвацца сам. А вам дзякуй за ваша «можна», Хілінскі. — І ўзняў келіх. — Ну, чокацца не будзем, гэта ўжо занадта. — Закінуў ільвіную сівую галаву. Пасля сказаў: — Цалкам магчыма, што гэта апошняя бутэлька каньяку, якую я пачаў.
|< Пред. 436 437 438 439 440 След. >|