Страница:
445 из 453
Гэта прадбачанне чалавека, якому няшмат застаецца жыць… Жыць? А хто сказаў, што мой род заслугоўвае права на жыццё? То ж бо… Але таксама верна, як тое, што не заслугоўвае, таксама верна і тое, што гэта мой род, што я — крапліна ягоная, і што іншым быць не магу, і што дарогі мне ад яго няма. Значыцца, адзін выхад.
Махнуў рукой, быццам адкідаючы нешта:
— Я даўно падрыхтаваўся і да вышынь і да смерці. Толькі доўга не ведаў, што пераможа. Гатовы быў яшчэ ў саракавым, у Варшаве. З бацькам я тады быў на нажах. Магчыма, найбольш вострых за ўсё жыццё. Бо толькі зараз я стаю бліжэй да літасцівай Збавіцелькі і ўседаравальнай Ратаўніцы, чым стаяў тады. Бо ў той час мне не падабалася, што ён круціць раман з панам Розенбергам.
Кепска мне было. Магутны склад гожага цела, дасканалае ў сваім гонары аблічча, ільвіная грыва сівых валасоў. Надзіва маленькія і зграбныя кісці рук і ступакі ног.
Божа, які закончаны, бездакорны ўзор чалавечай пароды. У кіно такіх здымаць, трымаць у лепшых сябрах, бараніць за ўсялякую цану.
А замест гэтага за дасканалай, боскай абалонкай раз'едзеная ржою наскрозь, аблепленая да апошняга крывёю і багнам сутнасць. Праказа сумлення, мазгавы сіфіліс. Лёс, бог ці хто там яшчэ — як жа вы непапраўна, смярдзюча жартуеце часам з людзьмі!
Гэта ён сплывае атрутным гноем, гэта яго дзейнасць прывяла да ўсяго. А я не магу асудзіць яго, бо пакрыўджаны за ўсіх людзей. Бо гэта я зняважаны, зняслаўлены, збэшчаны.
— Пры чым тут смерць? — з гэтым новым і нясцерпным адчуваннем сваёй чалавечай агульнасці ўсё ж спытаў я.
|< Пред. 443 444 445 446 447 След. >|