Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 52 из 453



І толькі калі мы ўжо апраналіся ў перадпакоі, яна раптам прыпала да маіх грудзей.

— О-ох, Антоне… Нашто ж я ўсё гэта нарабіла?… Чаму праўды з самага пачатку… Чаму падманула?

— Слухай, — сказаў я, — заставайся. Я не магу болей.

Вочы ў яе былі вільготныя, нявыплаканыя.

— Не, — сказала яна, — права не маю. Нашто ўжо. Не павернеш назад. Але я, можа, часам і зайду да цябе. Пагрэцца. І толькі.

У гэтую хвіліну я зноў кахаў яе, можа, больш, чым раней. Усё нутро маё пакутліва да яе кінулася. Але я зразумеў: і праўда — усё.

Яна вырашыла.

…Мокры снег ляпіў па нашых тварах, калі мы выйшлі на бульвар і яна спаймала таксі і ўсё стаяла ля яго і глядзела мне ў вочы.

— Ну, бывай, — урэшце нібы ад сябе адарвала яна. — Раней дык у такіх выпадках трэба перахрысціць было. А цяпер…

Яна прыпала да маіх вуснаў халоднымі мокрымі вуснамі і, калі яны пацяплелі, з цяжкасцю адарвалася.

— Бывай. Бог з табой. Даруй.

Ляснулі дзверцы таксі. Апошні раз ускінулася за шклом рука ў белай пальчатцы. Пасля машына рванула, абдаўшы мае ногі мокрым карычневым снегам.

…Усё ўва мне плакала, і не столькі ад кахання, колькі ад страты. Невядома чаму я зайшоў у кафэ «Космас», выпіў там ля стойкі келіх каньяку, пасля пайшоў блукаць вуліцамі, намацаў у кішэні змяты канверт ліста да бацькі і кінуў яго ў скрынку, доўга сядзеў на мокрай лаўцы і бязмэтна глядзеў на вясёлкавыя плямы ліхтароў у чорных абледзянелых галінах. Пасля зноў выпіў ля стойкі. На гэты раз віна.

|< Пред. 50 51 52 53 54 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]