Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 53 из 453



…Цяжэй за смерць было вяртацца ў пустую кватэру, што яшчэ пахнула ёю. І таму я, сам не ведаючы як, націснуў званок на дзвярах Хілінскага.

Ён адчыніў мне дзверы, абвёў вачыма і, мабыць, крыху спалохаўся.

— Заходзь, — сказаў ён. — Вып'ем чаго-небудзь? Ну, вядома, вып'еш. Скідай паліто. Я зараз.

Як Мар'яна выжывалі з пакоя статуі і іконы, так «палкоўніка» (а можа, ён і не «палкоўнік» быў, а сапраўдны «Абель у адстаўцы», чорт яго завяжа чалавечыя языкі) выжывалі з пакоя кнігі. Два толькі невялічкія прасценкі былі вольныя ад іх. Перад адным стаяў на століку эпідыяскоп (Хілінскі захапляўся здымкамі на слайды, здабываў нейкім дзівам нямецкую плёнку «Орвакалёр» і гэты прасценак выкарыстоўваў, каб дэманстраваць сабе самому знятае). Зараз ля століка з эпідыяскопам ляжалі пластмасавыя рамкі, нажніцы, валяўся танны дыяскоп, змеямі круціліся плёнкі. Усё проста на падлозе, на дыване.

У другім прасценку, над тахтою, вісеў партрэт у авальнай раме. Пісаны пад старую манеру. Нават лакам крыты. Партрэт прадзёрты ля ніжняга закруглення рамы: ірваная рана, кімсьці грубавата зашытая і па-аматарску зафарбаваная. На партрэце жанчына ў чорнай з чырвоным сукенцы. І сама чарнявая, відавочна, паўдзённага тыпу.

Заўсёды, калі я заходзіў да Хілінскага, мяне здзіўляў гэты партрэт. Ніколі яшчэ мне не даводзілася бачыць такі значны жаночы твар. І такі прыгожы адначасова. Вачэй не адарвеш. І напаўадкрыты рот, і горды нос і лоб, і ўся гэтая пяшчотна-ганарлівая, дасканалая стаць.

|< Пред. 51 52 53 54 55 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]