Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 50 из 453

І потым, можна падумаць, што гэта ты, першы, прыйшоў да мяне і застаўся. Змій-спакушальнік. Я сама гэтага хацела. І гэта мяне да цябе цягнула. Я і зрабіла, што жадала і магла.

Слова гонару, сэрца ў мяне разрывалася ад гэтых словаў. Але што я мог зрабіць?

— Ну добра, — глуха сказала яна, — хопіць аб гэтым… Ты дзе быў сягоння?

Відавочна, шукала нейтральнай тэмы.

— У Мар'яна быў, — сказаў я. Зоя крыху ведала яго: разы тры-чатыры сутыкаліся ў мяне.

— Што, усё па-ранейшаму дурэе з гэтымі драўлянымі лялькамі?

— Не трэба так, — сказаў я. — Ён вялікую справу робіць.

— Ды я хіба што? Як ягоная жонка?

— Кепска з ёю. Ну, гэта справа іхняя. Горш тое, што ён праз яе пакутуе. І, відаць, з гэтай прычыны сэрца зноў дурэць пачало. Жахі розныя, як заўсёды ў сардэчнікаў. Падазрэнні. А ад кавы і тытуню ніяк не адмовіцца…

— У больніцу яму легчы трэба. Шкада, калі з добрым чалавекам нешта здарыцца. Сволач дык жыве і жыве, а унь Сярожа Певень, бедны, такі малады, таленавіты, толькі пасаду такую атрымаў, так лёгка пры ім людзям жыць было б — і на табе — рак.

— Гэта бяда, — сказаў я. — Вялікая бяда! Але што ж, калі столькі выпала ўсяго нашаму пакаленню.

Яна раптам рашуча ўстала.

— Ну няма чаго асабліва цягнуць. — Павагалася хвіліну яшчэ — і адставіла «Немеш кадар». — Прытарны.

— Ты ж любіш напаўсалодкія.

— Нашы люблю.

|< Пред. 48 49 50 51 52 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]