Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 55 из 453

Звычайна так і сыпаліся з яго прыказкі, часта фрывольныя, а тут сядзеў перада мною паглыблены ў маё гора, суровы нават чалавек.

Выгляд у мяне быў, напэўна, страшнаваты, таму што Адам зморшчыўся амаль жаласна, крэкнуў і наліў яшчэ па кілішку.

— Давай за яе. Усё ж высакароднасці, пэўна, больш у яе ў душы. Вось за гэта.

Назіраў за мною.

— Ды не пабівайся ты, дубе. На вось, пацягні файку. Хаця ў вас кішка слабая. Усё на цыгарэтках. Імпартных.

У мяне перахапіла дыханне.

— Ну кінь ты. Ну!… Ну кінь! Гэта яшчэ, Антоне, не гора.

І, відаць, вырашыў нешта, уздыхнуў.

— А, каб цябе! Ну добра. Шчырасць за шчырасць. Партрэт бачыш?

— Ну.

— І ніколі не спытаў, хто гэта. Далікатнасць. Ды я, можа, тады сам бы табе не адказаў. Цяпер скажу. Занадта ты ўжо кепскі. Пабіваешся. А меры чалавечаму няшчасцю — не ведаеш.

Выпіў.

— Жонка мая. Па прафесіі была артыстка.

Ягоны сухі твар нібы абцягнуўся скураю на выліцах і абвіснуў знізу, ля вуснаў. Адразу абрэзаліся вочы пад цяжка навіслымі павекамі.

— Як лічыш, хто па народнасці?

— Не разбіраюся я, Адам Пятровіч, у паўдзённых тыпах. Беларуса за вярсту адрозню, а тут баюся судзіць.

— А ўсё ж…

— Грузінка? Армянка? Таджычка?

— Ды не.

— Малдаванка? Яўрэйка?

— Яшчэ горш, — горка сказаў ён. — Цыганка, браце.

Зацягнуўся.

— Вось у гэтым і была яе галоўная віна. А па віне і пакаранне. І добра, калі — першы-лепшы на дарозе яр.

|< Пред. 53 54 55 56 57 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]