Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 58 из 453



— А мацнейшае?

— Мгм.

— На вось. Ты ж не з тых, што блукаць потым пойдзеш? Ну вось і выпі здорава. Сёння дазваляю. Каб спаў у мяне. Ну, хадзем.

Хілінскі ведаў, што рабіць.

…Ніколі ў жыцці, ні дагэтуль, ні пасля, я не выпіваў столькі. Дарваўся хлопчык. Спаўна скарыстаўся з суседавай парады. І заснуў як забіты. Распрануты, як заўсёды, але чамусьці пры гальштуку на голую шыю. Ці, можа, усё ж хацеў «блукаць»? Шукаць Зою? Напэўна.

У наступныя пяць дзён я выкупляў грэх свайго «пьянственного глумлениа». Працаваў, не даючы сабе ані хвіліны перадышкі.

Нельга было паверыць у тое, што толькі сама каштоўнасць старой кнігі магла выклікаць такую аблогу хаты Пташынскага, усе гэтыя званкі, блуканні пад вокнамі і ўсё такое. Я амаль упэўнены быў, што разгадка недзе ў самім тэксце: нейкая прыпіска на палях балоні, надпіс, умела схаваны ў вязі арнаменту, яшчэ нешта. І вось я шукаў. Усляпую, бо не ведаў, дзе і што шукаць.

Шмат разоў за жыццё я чытаў Евангелле, адну з лепшых (калі не самую лепшую) з гісторый, прыдуманых чалавецтвам за ўсё сваё існаванне. Прыемна мне было чытаць яе і зараз, думаць над паасобнымі мясцінамі, уяўляць. І ўсё ж не так прыемна, як раней. Таму што хаця я й чытаў ледзь не па складах — шукаў я ўсё ж іншае. Так для чалавека, які раптам заўважыў першы грыб, адразу перастае існаваць зялёная, спявучая прыгажосць раскошнага летняга лесу.

Так я і ішоў, уторкнуўшыся носам у зямлю. Без усялякай карысці, акрамя маральнай.

|< Пред. 56 57 58 59 60 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]