Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 57 из 453

Хілінскі выйшаў у малую спальню, прычыніў за сабою дзверы, але чуваць, мабыць, было кепска, і ён вымушаны быў гаварыць галасней, чым звычайна, і я сёе-тое чуў.

— І сувязь з гэтым? А, чорт бы іх з гэтымі дэвізамі!

«Назнарок не кажа «валюта». Кажа «дэвізы». Думае, што слова не ведаю. Белымі ніткамі шыеш, Адам Пятровіч».

— Заразы. І зброю?… Чуваць кепска!… Ясна. У гадзіну трыццаць? Добра. Буду.

Выйшаў зноў да мяне:

— Сапрычасціўся ты, хлопец, да таямніцы. А я вось непедагагічна сябе павёў. На поўную вымову.

— Я, Адам Пятровіч, не з лапатуноў. Вы мяне не першы год ведаеце. І справы вашы мяне не датычацца. У вас свае, у мяне свае.

— Пакрыўдзіўся?

— Пакрыўдзіўся. А мне бы й век пражыць, нічога пра іх не ведаючы. Ні пра што я ў вас не пытаў. Нецікава, прабачце.

— А дарэмна. Усё можа быць. А наконт «хоць бы й век», то заракаўся нехта, — ён проста патрос мяне за плечы. — Ну, досыць надзімацца, ну… Ну скажы нешта.

— Раз ужо я выпадкова штосьці пачуў, то вернемся да Мар'яна. Нешта і ў ягонай справе трывожнае. Вось жа іконы, валюта — я не пытаю, якое там здарылася яшчэ, што вам трэба ехаць. Але чаму таго ж не можа быць тут? І ўрэшце, прадчуванням таксама трэба верыць. Не матэрыял гэта ні для «Абеляў у адстаўцы», ні для міліцыі, ні для суда, але часам трэба верыць, калі сэрца гаворыць, калі сціскае, моцна баліць.

Ён уважліва глядзеў на мяне.

— Можа, і трэба. Вер і глядзі.

Устаў.

— Трэба было б не кідаць цябе да раніцы ў тваім стане. Але сам чуў. Выпіць што-небудзь маеш?

— Віно ёсць.

|< Пред. 55 56 57 58 59 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]