Страница:
61 из 453
— Вось сябар ваш — ён жа здаравенны, не раўнуючы першэрон ці брабансон, прабачце, таварыш Косміч. А я і яму раіў бы кінуць. Кропля нікаціну забівае, да вашага ведама, каня.
— Я не конь, — сказаў Пташынскі.
— Бачу. На пазногці зірніце. У блакіт аддаюць.
І раптам усхадзіўся. Дастаў з кішэні металічную таўлінку*.
* Пляскатая табакерка (часцей з бяросты, рэдка — металічная) для табакі (нюхальнага тытуню).
— Хочаце, я вам замест гэтай дрэні табаку даставаць буду. Нюхаць. Сам праціраю.
Ён зарадзіў у кожную ноздру па здаравеннай порцыі зеленаватага пылу.
Праз секунду гармата моцна ўдарыла, і Пахольчык закруціў носам.
— Аж уваччу пасвятлела… Улічыце, камерцыю падрываю. Сваю ж. Але здароўе чалавека за ўсё даражэй, як казаў стары рымлянін Гіпакрат. А тое, што вам скажуць, што слізістую абалонку сушыць, што сухі катар будзе, — гэта глупства пана бога — даруй ён мне і злітуйся… То як?
— Не ўжо, — сказаў Мар'ян.
— Глядзіце, — сказаў Пахольчык, падаючы яму «Шыпку». — Як надумаеце — прыходзьце. Дастану. І не «Пчолку», халера на яе, а сапраўдны.
На рагу мы развіталіся.
— Калі не з'еду ў Вільню на пару дзён, то заўтра зайду, — сказаў ён.
— Заходзь.
— Шкада, што нельга тую кнігу распатрашыць. Можа, у вокладцы заклеена нешта?
— Не. Вокладка тых жа часоў.
— Чорт яго! У галаву не лезе, што б гэта магло быць.
Перайшоўшы вуліцу, ён павярнуўся і ўзняў руку.
|< Пред. 59 60 61 62 63 След. >|