Чорны замак Альшански   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 63 из 453

Тамчасам нават мне можна не заўважыць, як прыходзяць ці выходзяць. Але ён ім рэдка карыстаецца. Двор не дужа зручны.

Двор сапраўды не быў зручны. Усе гэтыя пуні, закамаркі, безжыццёвыя з выгляду галубятні, гаражы. І ягоны гараж. Замкнёны. Невядома нават, ці пусты, ці з машынай. А за пунямі той самы пустыр і дрэвы ля парніковай гаспадаркі. О, божа мой!

Я пацягнуўся дадому, не ведаючы, што й думаць. Які д'ябал мог затрымаць яго ў Вільні? Знайшоў нешта ў архіве? То мог бы і звякнуць.

Не ў дужа добрым настроі зайшоў я ў свой двор і ўбачыў Хасэ-Марыя Лыганоўскага, які корпаўся ў кветніку пад нашымі вокнамі. Жываплот вакол кветніка ў адным месцы парадзеў, і лекар якраз высаджваў на тое месца нейкія кусцікі. Мядзяны твар ад паветра і працы быў з глыбінным румянцам. Капялюш ляжаў на лаўцы, і ўсяму двару відаць была хвалістая грыва срэбных валасоў.

— Гісторыку-дэтэктыву асабістае прывітанне! — сказаў ён.

— Кандацьеру ад псіхалогіі — узаемна, — буркнуў я.

Ён прытаптаў зямлю вакол перасаджаных сцяблін, адкруціў паліўны кран, адмыў ад гразі рукі і, выціраючы іх насавіком — па-лекарску — палец за пальцам, бадзёра сказаў:

— Закурым, сусед.

Тут, у зацішку, нават прыгравала. Мы селі на лавачку, я распячатаў пачак і пачаставаў яго. Ён сачыў за гэтым працэсам пільнымі шэрымі вачыма.

|< Пред. 61 62 63 64 65 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]