Страница:
62 из 453
— Бывай!
Я прыкурыў, а калі зірнуў яму наўздагон, яго ўжо не было відаць у раптоўным снежным зарадзе, які абурыўся на горад.
РАЗДЗЕЛ V ЧАЛАВЕК ЗНІК
Мінула яшчэ чатыры дні. Прыйшоў красавік. Купы снегу, адкінутыя ўзімку машынамі пад дрэвы, сталі зусім малыя, брудныя і наздраватыя. І яшчэ снег падаў два разы, ён кожны раз чаргаваўся з дажджом, які з'ядаў яго на вачах. Усё часцей празрыста, па-вясенняму, сінела неба. У зацішку, з сонечнага боку двароў было ўжо зусім суха. І ўсё ж вясна наступала, нібы азіраючыся, часта саступаючы дарогу імжацы, холаду і слаце.
За гэтыя дні я некалькі разоў званіў да Мар'яна. Адказу не было. На чацвёрты дзень я не вытрымаў і паехаў да яго на кватэру.
Нават сабакі не адказалі брэхам на мой званок. Кватэра маўчала, нібы вымерла. Урэшце нічога дзіўнага ў гэтым не было. Едучы кудысь, Мар'ян заўсёды заводзіў псоў да нейкіх суседзяў, хаця мог бы і да мяне. Не хацеў перашкаджаць маёй рабоце.
Наша агульная падазронасць апошніх дзён зрабіла тое, што я нават агледзеў замок. Мне здалося, што ля яго абдрапана фарба. Але так бывае заўсёды, калі чалавек упоцемку спрабуе трапіць ключом у адтуліну.
З'едлівая пажылая вахцёрка, якую мы — хай даруе нам бог — клікалі часам «Цэрберам», часам «Цэнзарам Феакціставым», на мае пытанні адказала досыць рэзка:
— Я яму, сэрцайка, не мамка. Не бачу. З'ехаў некуды. Раніцай прыбіраю. Пад'езд мыю, першую пляцоўку. Каб у свіноце не сядзець. Пасля тут цэлы дзень. Вечарам Саня прыходзіць. І ён не бачыў. Сабакі? Адвёў, пэўна, як заўсёды… Што ж што не бачылі. Унь там чорны ход у двор.
|< Пред. 60 61 62 63 64 След. >|