Страница:
67 из 453
Я ледзь не пачаў думаць, а можа, я ўсёж зрабіў у жыцці нешта такое… сам, можа, і не думаў, а яно з пункту гледжання крымінальнага кодэкса… Пасля, раззлаваўшыся на сябе самога, я ўявіў яшчэ горшае глупства: што гэта я рэзідэнт і еду патаемна на спатканне з шэфам (божа мой, колькі ж гэта я наглядзеўся дрэнных карцін) у нейкі лясны дом. На прыём нейкага пасла гэта не паходзіла, не хапала сонечнага святла і ганаровага каравула.
— І вось ён і кажа прадаўцу, — Клепча відавочна расказваў далей анекдот. — «А ці ёсць у вас аленева сядло?» Магазін жа завецца «Дары прыроды». «Не, — кажа прадавец, — ёсць натаценія». Рыба ў сэнсе. «Ну а ласіна ёсць?» — «Натаценія ёсць». — «Гм, ну а хаця каўбаса хатняя ёсць?» — «Бярыце натаценію, у ёй фосфару шмат». — «Ведаеце што, — кажа пакупнік, — мне не трэба, каб… свяцілася…»
Шафёр коратка гмыкнуў, Шчука толькі галавой пакруціў.
— За такія старыя анекдоты пры іхняй мірапамазанай вялікасці Мікалаі, ведаеш, што рабілі?
— Ну?
— Ссылалі туды, дзе козам рогі правяць… У Аляску.
— Аляску да таго часу прадалі, таварыш палкоўнік, — сказаў Клепча.
Палкоўнік на хвіліну замяўся.
— Ды я не пра таго Мікалая кажу. Я пра Першага. Твайму ж анекдоту горай.
— А якая ж тады, Андрэй Арсенцевіч, натаценія была?
— Гэта праўда, на вялікі жаль, — не было. Уніклівы ты чалавек, Клепча, скрупулёзны. Дока!
— Трэба ж ведаць, Андрэй Арсенцевіч. Іначай такіх памылак наробіш.
— Ну і добра.
|< Пред. 65 66 67 68 69 След. >|