Страница:
65 из 453
У такіх або ў хаце гармідар і свінюшнік, боты на стале, або вось такое… Але ўвогуле гэта часам бывае адзнакаю пэўных адхіленняў у псіхіцы. Пры эпілепсіі, пры пачатках некаторых іншых хвароб.
— Ну калі так меркаваць, то большасць немцаў эпілептыкі. І ўвогуле, усе, хто як мага зручней арганізуе працу.
— Не смейцеся. Вось вам адзін прыклад, але важкі — Дастаеўскі.
— Вельмі ўлешчаны, — сказаў я.
Мы засмяяліся. Ці мог я думаць, што мне сапраўды давядзецца звяртацца да яго? І не ў такі ўжо далёкі час.
На пляцоўцы я ўбачыў Хілінскага, які якраз заходзіў у кватэру.
— Зноў нешта? — ён уважліва разглядаў мяне.
Я расказаў.
— З'ехаў кудысь. — Адам быў страшэнна стомлены. — Мо так і сядзіць у Вільні. А што не папярэдзіў аб затрымцы — тут усякае можа быць. Не малы. І не такія ўжо вы сябры, што сарочкі няма калі перамяніць.
— Усё ж я адзіны ягоны сябар. І не мог ён з-за хваробы жонкі так затрымацца. Ён жа кожны дзень званка чакаў. Я страшэнна непакоюся, Адаме.
— Добра. Калі ўжо так, то вось зараз пазваню Шчуку — мы ж прыяцелі. Хай навядзе даведкі, ці няма там каго… неапазнанага. І тэлефон твой дам. Хай табе сорамна будзе, калі гэты… твой… свечнік віленскі табе прывязе. Ну, бывай, лабузю. Пазваню, памалюся богу дый і завалюся спаць.
…Мінула яшчэ два дні. Недзе ў чацвер ці ў пятніцу, мо ў чатыры гадзіны раніцы, калі не раней, зазваніў тэлефон. Спалоханы спрасонку, я схапіў трубку.
— Алё. Хілінскі ад твайго імя званіў? — прагучаў нізкі голас.
— Так, — з цяжкасцю прыпамінаючы, аб чым ідзе справа, адказаў я. — Косміч ля тэлефона.
|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|