Страница:
70 из 453
У сорак пятым ці сорак сёмым годзе трапіў недзе пад Ашмяной у рукі банды Боўбеля. Не надта вясёленькая гісторыя. Дапытваў яго намеснік, і толькі таму ноччу Шчуку ўдалося ўцячы. Сам не выпусціў бы.
Клепча сказаў бы пра Шчуку: «Стары, пагрызены, загартаваны ў бітвах воўк».
— Да нас ён звыкнуў. А вы — свежы чалавек. Але гэта не сорам. Гэта каб звыклі.
Я здзівіўся, што старшына заўважыў і гэта, а не заўважыў, што мы на «ты». Але тут ад купкі людзей даляцелі галасы, і я пазнаў іх: глухі голас палясоўшчыка і звонкія дысканты двух дзяцей.
— Леснічоўка мая тут… на беразе… Ну, прыехаў…
— Ён часта тут ловіць, дзядзька.
— А мне што. Дзеці ходзяць у школу… — глухі ў тумане голас.
— Мы, дзядзька, зараснікам, наўмання. Машына стаіць, — гэта дзіця. — «Запарожац» стаіць, дзядзька палкоўнік.
— Дзень, значыцца, стаіць пустая… І другі таксама… А на трэці ўжо я трывогу падняў. І човен на вадзе, бачу… у глыбіні затокі, халера на яе.
Вецер, паступова ўздыхаючы, пакрысе пачаў зганяць з возера туман.
Ясней праступілі сілуэты людзей і нешта цёмнае, доўгае, што ляжала на траве ля іхніх ног.
Над затокаю калыхаўся вэлюм, то падымаючыся, то зноў ападаючы на ваду. Усё ж, хаця і павольна, яго падносіла, і ўсё часцей праяўляўся на вадзе сілуэт чаўна, постаці людзей, якія, стоячы ў ім, скарадзілі дно, і пляма буя на вадзе. Я здагадаўся, што гэта месца здарэння.
— Падыдзіце, Косміч, — сказаў голас палкоўніка.
Я падышоў. З таго, цёмнага і доўгага, адкінулі брызент.
|< Пред. 68 69 70 71 72 След. >|