Страница:
83 из 453
Можа, мне гэта і здалося, але як часам бачыш у пляме на сцяне партрэт або пейзаж, так бачыў я ў дзвюх мініяцюрах ініцыялы ПДА — Пятро Давыдавіч Альшанскі — і ВХА —Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Гэта, здаецца, сцвярджала той факт, што Евангелле належала ім, але я не ведаў, чым гэты так званы факт можа мне дапамагчы. Ну, скажам, мог быць такі пабуджальны матыў, як выкраданне фамільнай каштоўнасці. Але дзе там, да д'ябла, члены той фаміліі? Хутчэй за ўсё, што матыў быў адзіны: спекуляцыя.
І вось праз два дні шаноўны пан Клепча пазваніў мне і ветліва запрасіў да сябе. Самі разумееце, што гэта было не тое запрашэнне, якое можна ігнараваць. Я з'явіўся і ўбачыў у прытульным такім кабінеціку дзве карціны, прыхіленыя да сценкі.
— Яны?
— Ясна, што яны. Унь, бачыце, на адваротным баку «Кромвеля» зацыраваны след пашкоджання.
— Ягоны почырк? — ён працягнуў мне квітанцыю.
— Почырк не ягоны. Подпіс ягоны.
Ён пачырванеў. Людзі ягонага тыпу не любяць, калі ім заўважыш, што яны няправільна гавораць. Мне і памаўчаць бы, але занадта ён мне абрыднуў.
Пасля я меў яшчэ два прыемныя знаёмствы. Адно — з сівенькім дзядком — антыкварам, гэткай сабе дзюбатай птушачкай з надзіва элегантнымі і рухавымі ручкамі. Другое — са здаравенным, выпешчаным бамбізам, такім фацэтам у шэрым гарнітуры з мяккай дарагой воўны. І гальштук да гэтага гарнітура пасаваў, і срэбны стары сыкгнет, менавіта сыкгнет, а не пярсцёнак. Не пасавалі толькі вышыбайлавы вусікі, але гэта ўжо ад густу кожнага чалавека.
— Дык я вам і кажу, — гарачыўся дзядок, — што тут і графічнай экспертызы не трэба. Гэта Пташынскага рука — мне ўжо і не ведаць.
|< Пред. 81 82 83 84 85 След. >|