Страница:
86 из 453
Нават ягоныя вусікі не здаваліся ўжо мне фатаўскімі.
Ідучы дадому, я думаў, што і апошнія ўскосныя доказы рухнулі. Нічога не дало ўскрыцце, нічога не дало знікненне карцін. Ні ў кватэры, ні на месцы, дзе загінуў Мар'ян, не было знойдзена аніякіх слядоў. Наконт кнігі званіў ні ў чым не вінаваты кнігалюб, дый невядома, ці кнігу шукалі ўзломшчыкі, што ўсыпілі сабак.
…Мінуў тыдзень. Ніхто мне не званіў, ніхто не выклікаў мяне, і па гэтых прыкметах я зразумеў, што следства з поваду заўчаснай смерці Мар'яна Пташынскага, хутчэй за ўсё, зайшло ў тупік.
РАЗДЗЕЛ VІІ ШТО БЫЛО СКАЗАНА Ў «НОВЫМ ТЭСТАМЕНЦЕ» І ЯКУЮ ТАЯМНІЦУ СХАВАЎ У «АПАКАЛІПСІСЕ» ІААН БАГАСЛОЎ…
Працаваць я не мог. Бавіцца — таксама. Неадчэпныя думкі аб Мар'яне і ягоным нечаканым канцы мучылі мяне і ўдзень і ўначы. Заставалася адно: тупа і ўпарта сядзець над ягонай кнігай і думаць, думаць, думаць. Думаць без усякай надзеі да нечага дадумацца, без усякай змогі звесці канцы з канцамі. Адзінае, што было тут ненадрукаванае, гэта маргіналіі*, каментарыі хуткапіссю. Часцей за ўсё містычнага характару, накшталт: «Збылося пры каранаванні» або «спраўдзілася ў вешчым сне такога і такога».
* Паметкі на палях.
Мне ўжо даўно хацелася плявацца, і аднак… У той вечар я вырашыў зрабіць апошнюю спробу. Пад зялёным абажурам гарэла асабліва моцная лямпа. Святло біла мне ў вочы, і таму я апусціў каўпак яшчэ ніжэй, каб яно падала толькі на кнігу.
|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|